НО́ВАЯ БЕ́ЛІЦА, Нова-Беліца, Навабеліца,
былы павятовы цэнтр і прадмесце г. Гомеля, цяпер адм. раён г. Гомеля. Засн. паводле ўказаў Кацярыны II ад 28.3 і 7.10.1785 у сувязі з пераносам пав. цэнтра з Беліцы (цяпер в. Старая Беліца) бліжэй да Гомеля. 10.3.1791 Сенат даручыў магілёўскаму намесніку П.Пасеку перасяліць на пасад Н.Б. 302 сялян с. Прыбыткі і в. Дуянаўка. У 1786—1852 Н.Б. — цэнтр Беліцкага павета. У 1854 Н.Б. далучана да Гомеля як прадмесце. У 1880 у Н.Б. 1646 ж., 305 дамоў. Сувязь з Гомелем ажыццяўлялася па драўляным мосце цераз Сож. У 1897 у Н.Б. 2957 ж., 405 двароў, 2 чыг. станцыі на лініі Лібава-Роменскай і Палескай чыг., 2 царквы, 2 малітоўныя стараверскія дамы, прыходскае вучылішча (з жаночай зменай), 3 яўр. малітоўныя школы, крупадзёрка, вятрак, Навабеліцкая запалкавая фабрыка, канатны з-д, пенькатрапальня, пякарня, 26 крам, 6 корчмаў, Навабеліцкі спіртаачышчальны завод і інш. У пач. 20 ст. існавалі Навабеліцкая лесапільная фабрыка і Навабеліцкі лесапільна-бандарны завод. У 1940 утвораны Навабеліцкі р-н г. Гомеля (у 1948 скасаваны, у 1951 адноўлены).
т. 11, с. 362
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)